Общество

Кацярына Кулакова

Ганін: «Я што, двойку навучу біць, калі ў цябе з аўтамата страляюць?»

Пераможца Кубка свету па кікбоксінгу і срэбраны прызёр чэмпіянату свету па кікбоксінгу Іван Ганін у 2020 годзе падпісаў ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту. Пяць гадоў таму ён адседзеў суткі, але пасля застаўся ў краіне, падтрымліваючы рэпрэсаваных. Вясной 2022-го пасля чарговага затрымання спартовец быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. «Салідарнасць» паразмаўляла з ім пра тое, што адбывалася ў КДБ і пасля, як абжыўся ў Польшчы і кім бачыць сябе на радзіме.

Іван Ганін. Усе фота з асабістага архіва героя

— Давайце пачнём з навінаў вялікага спорту. Нядаўна Арына Сабаленка другі раз выйграла US Open. Якія эмоцыі ў вас выклікала яе перамога?

— Не было ніякіх эмоцый: ні добрых, ні дрэнных. Яна вялікая спартоўка — найлепшая сярод найлепшых. І беларусам да яе не ўдавалася выіграць US Open. Але асоба Арыны Сабаленкі — ну... Я вельмі роўна да яе стаўлюся.

Але я, напрыклад, вельмі-вельмі рады за Марыю Жодзік, якая на днях стала срэбранай прызёркай ЧС па скоках у вышыню. Гэта была адзінная медаль у Польшчы на гэтым Чэмпіянаце Света.

— Сабаленка нядаўна, хоць і агульна, але выказалася наконт вайны.

— Які ты спартовец і які чалавек — гэта зусім рознае. Сабаленка не закранулі падзеі ў Беларусі, вайна. Мы бачым, якія ў яе ёсць характарыстыкі як у чалавека. Без іх яна, напэўна, не стала б той спартоўкай, якая ёсць.

Спартоўцы выконваюць сваю працу, кладуць жыццё, каб быць на пастаменце. Не трэба чакаць, што спартовец будзе добрым чалавекам, што ў вас сыдуцца погляды. Гэта можа быць прыемным бонусам. Вельмі рэдкім. Але, як правіла, людзі, якія дасягаюць вялікіх поспехаў у спорце — гэта людзі з вельмі складаным характарам. І гэта адмоўны бок іх поспеху.

Канешне, выказвацца важна. І нам хочацца, каб людзі з вялікай фан-базай, падтрымлівалі Украіну, Беларусь, бо ў нейкім сэнсе яны таксама лідары думак.

Ёсць прыклад Мухамеда Алі — чалавека, які быў не толькі добрым баксёрам, але і грамадскім дзеячам. Ён дамаўляўся аб абмене палоннымі падчас вайны, намагаўся спыніць вайну, вёў вялікую сацыяльную дзейнасць. Алё ж ён быў такі адзін. Далёка не кожны чэмпіён свету па боксе становіцца такім культавым.

— Дзякуй. Цяпер — пра вас асабіста. Вы з’ехалі з Беларусі ў 2022 годзе. Раскажыце, якімі былі для вас два гады пасля падзей 2020-га.

— Гэта былі два гады надзеі. Я да апошняга не выязджаў. Мяне затрымлівалі ў 2020-м, у 2021-м я быў побач з Косцем Якаўлевым, калі яго затрымлівалі, і ў 2022-м зноў перажыў затрыманне.

Карацей, сядзеў да апошняга, бо думаў: можа, калі з'езду, не хопіць менавіта той кропелькі, каб усё стала добра. Для мяне з’ехаць тады — азначала здацца.

Я дапамагаў людзям, якія на той момант выходзілі з содняў. Былі людзі, якія ахвяравалі для вызваленых грошы, а я быў у гэтым працэсе пасярэднікам. Канешне, маральна гэта было нялёгка: некаторыя людзі выходзілі нават з паламанымі рэбрамі.

Памятаю, заўсёды здавалася, што за мной сочаць. Думаў, што з’ехаў з глузду. Але падчас допыту ў КДБ высветлілася, што за мной сапраўды сачылі на працягу паўгода. Падумаў тады: о, класна, я не з'ехаў з глузду, гэта рэальна адбывалася.

— Калі вас затрымалі, пра гэта амаль адразу стала вядома СМІ. Потым даведаліся, што вас адпусцілі, але без падрабязнасцяў. Як усё адбывалася?

— У той дзень у мяне адмяніўся кліент, я застаўся дома. КДБшнікі чакалі пад пад’ездам, пакуль выйду, бо сачылі і ведалі мой расклад. Але калі зразумелі, што я не выходжу, патэлефанавалі: «У вашу машыну ўрэзаліся, калі ласка, спусціцеся».

Я адразу зразумеў, што да чаго. Сказаў, што выйду, але праз 30 хвілін. Сабраў і схаваў «экстрэмісцкую» скрынку, схадзіў у душ, паеў, апрануў спартыўны касцюм без шнуркоў. Спакойна збіраўся на содні.

Выйшаў — адразу акружылі людзі, чалавек восем. Сказалі не супраціўляцца і ўсё будзе добра. Я наўмысна падняў рукі ўверх, каб хто-небудзь заўважыў, як мяне затрымліваюць, і гэта спрацавала — інфармацыя з’явілася ў СМІ.

Калі ехалі, у галаве было: 15 содняў дадуць ці 15 гадоў? Жыў побач з Цэнтральным РАУСам, і калі мы не павярнулі да яго, спытаў, чаму. Сілавікі адказалі, што едзем у КДБ. Пранеслася думка: 15 гадоў усё-ткі.

У КДБ адразу паказалі некалькі здымкаў з камер назірання, дзе і з кім я сустракаўся. Хаваць было няма чаго, казаў, як ёсць: чалавек выйшаў з Акрэсціна, я яму дапамагаў. Потым яны паказалі некалькі відэаролікаў — маўляў, ёсць, за што мяне пасадзіць.

Таксама яны праслухоўвалі мой тэлефон, таму пыталіся, куды хачу з'ехаць. А пра ад’езд я казаў свайму сябру, калі пачалася вайна. Яны чамусьці зачапіліся за Украіну, думалі, я хачу паехаць туды. Кажу ім: «Я ні разу ў руках не трымаў зброю, чаго мне туды ехаць?». На што яны адказалі, што я там буду інструктарам. Гэта, канешне, смешна: я што, двойку навучу біць, калі ў цябе з аўтамата страляюць?

Потым кдбшнікі пачалі казаць пра вярбоўку з боку заходніх спецслужбаў — маўляў, што я буду рабіць, калі з'еду з Беларусі і мяне там будуць вербаваць. Я не разумеў, навошта ім патрэбны, але сілавікі ўпэўнівалі, што я сабе не даацэньваю.

Ну, я адказаў, што калі прапануюць — адмоўлюся. Але тут, яны, відаць, пачалі расказваць ужо пра свае метады: гэта так не працуе, цябе пасадзяць. Скончылася ўсё тым, што мне далі кантакт у тэлеграм на выпадак, калі мяне за мяжой будуць вербаваць. І сказалі, што адпусцяць, калі падпішу дамову аб супрацоўніцтве.

Я падпісаў, гэта не сакрэт. Пазыўны, сказалі, можаш браць, які хочаш: хоць тыгр. А я рагачу, успамінаю прыкол «Игорь в честь олимпийских игр». Таму я ім кажу: тыгар праз А.

Пасля допыту я найшоў сабе замену на працы, перавёз рэчы са здымнай хаты і з'ехаў. Думаў, што праз паўгады вярнуся. З КДБшнікамі на сувязь не выходзіў, і яны са мной таксама.

Вы ўжо тры гады ў Варшаве. Як вам тут?

— Самы галоўны фактар — тут бяспечна. Жыву добра, няма на што скардзіцца. Першы год быў пад эйфарыяй. Калі знікае стрэс, што цябе вось-вось затрымаюць, гэта акрыляе. З часам ужо і забыўся, як мне было нервова жыць у Беларусі.

— Чым займаецеся?

— Атрымліваю асалоду ад жыцця. І каб трохі падтрымліваць сябе — праводжу індывідуальныя трэніроўкі.

— У 2022-м вы выставілі на аўкцыён свой медаль, каб падтрымаць Украіну. Ці набылі яго?

— Так, набылі. Мой вучань расказваў, што таксама ўдзельнічаў ва аўкцыёне, але яго стаўку заўсёды перабівалі. Ён хацеў купіць і мне аддаць. У выніку медаль быў набыты за сем тысяч даляраў ананімным пакупніком, які папрасіў, каб медаль перадалі на адкрыццё Музея вольнай Беларусі ў Варшаве. Я так і зрабіў, цяпер ён там.

Грошы з продажу былі накіраваны ў Музей станаўлення украінскай нацыі ў Кіеве і на яшчэ адну ўкраінскую ініцыятыву, якую не буду называць.

— Ці застаецеся ў беларускай павестцы? Ведаю, што шмат каму зараз вельмі цяжка працягваць сачыць за навінамі.

— Канешне, сачу за навінамі кожны дзень. Ну а нядаўна, калі шахеды ляцелі ў Польшчу, чытаў навіны, не адрываючыся. Быў такі флэшбэк у 2020-ы. Але шока не было, мне зразумела, што вайна непазбежна.

Я разумею людзей, якія стамляюцца і не сочаць ні за чым, бо гэта стрэс. Я таксама троху дазаваў, але ўсё роўна цікаўлюся. Мне ўвогуле цікава палітыка, гісторыя. Апошні год вывучаў тры мовы: польскую, англійскую і французскую. Таму чытаю навіны і розных палітыкаў на гэтых мовах таксама і намагаюся рабіць сухі аналіз.

— Вы сказалі, што вайна нібыта непазбежная. Спадзяемся, што гэта не так. Але апошнім часам некаторыя эмігранты думаюць, што рабіць, куды ехаць, калі вайна будзе і тут. Вы задумваліся аб гэтым?

— У мяне няма валідных дакументаў, акрамя польскіх. Таму я застануся, іншага выйсця няма. Пра ўсё, што адбываецца, спяваў Лявон Вольскі: вы не чакайце, сюрпрызаў не будзе.

— Вы так спакойна пра гэта кажаце. Як увогуле адчуваеце сябе апошнім часам, улічваючы ўсю напружанасць?

— Думаю, што нам не трэба ставіць сваё жыццё на паўзу, бо толькі так можна выжыць у сённяшніх умовах.

Я, напрыклад, нядаўна рабіў аналіз беларускага тыктоку. Ведаю, што ў нас зараз вельмі шмат расейцаў, а беларусы працягваюць з'язджаць. Але я бачу, як паводзяць сябе беларусы, як рэагуць на выразы, што Беларусь — гэта Расея. Нават людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі пішуць, што гэта не так.

Ну а баталіі наконт «Белоруссіі» — гэта тое, што нас аб’ядноўвае — тых, хто за Лукашэнку і тых, хто за перамены. Людзі разумеюць, што мы беларусы, і мяне гэта радуе.

— За беларускім спортам сочыце?

— Не, не сачу. Не толькі за беларускім, а ўвогуле. Мне ўжо спорт трохі надакучыў.

— А ці засталіся нейкія кантакты з калегамі, якія жывуць у Беларусі?

— Кожны год гэтых кантактаў усё менш. Асабліва пасля таго, як мой Instagram прызналі экстрэмісцкім у Беларусі. Больш за палову людзей адпісалася. Я не перажываў з-за гэтага, галоўнае, каб людзі жылі ў бяспецы. Ведаю, многія не згодныя з тым, што адбываецца, але ім прыйшлося адаптавацца да сітуацыі.

— З вольнымі спартсменамі падтрымліваеце кантакт?

— Так, мы перыядычна ўдзельнічаем у ініцыятывах адзін аднаго. Я вельмі ўдзячны 2020 году, што пазнаёміўся з усімі гэтымі людзьмі, якія, як і я, калі б прамаўчалі тады, то з'ехалі б з глузду. Зараз мы ўсе за мяжой і ўжо навучыліся з гэтым жыць.

Мы можам быць не згодныя цалкам адзін з адным, але ў 2020 годзе такое аб'яднанне было вельмі натуральным і своечасовым. Тады мы ўсе былі адзіным фронтам.

— Ведаю, што ўлетку вы скончылі дыпламатычную праграму ў Варшаўскім універсітэце, якая накіраваная для падрыхтоўкі дыпламатаў, у тым ліку для Новай Беларусі. Раскажыце пра гэты дослед.

— Гэта было вельмі крута, вельмі цікава. І, канешне, мне ёсць, з чым параўноўваць. У Беларусі я скончыў БДУФК — за ўвесь час не сустрэў там ніводнага разумнага чалавека. Тут было ўсё па-іншаму. Пра НАТА распавядае прадстаўнік Польшчы ў НАТА, пра гісторыю Літвы — гісторык з Літвы.

Вельмі цікава было дазнацца, як працуе дыпламатыя, як праводзяцца перамовы, якія ёсць самыя яскравыя дыпламатычныя перамогі.

— Ці разглядваеце магчымасць, што будзеце працаваць у гэтым накірунку ў Беларусі?

— Так, але дзеля гэтага патрэбны бэкграунд. Калі будзе пераломны перыяд у гісторыі Беларусі, вельмі важна будзе наладжваць дыпламатычныя сувязі — спачатку з суседзямі, а потым як мага далей.

Трэба ведаць, як выкарыстаць момант. Да гэтых падзей трэба быць гатовымі і не важна, калі гэта адбудзецца — праз 5 гадоў або праз 10. Зразумела, што часы змяняюцца, але план павінен быць — хай імправізацыя будзе часткай плана, а не самім планам.

— У сакавіку было тры гады, як вы з’ехалі з Беларусі. У сваім пасце ў гэты дзень вы напісалі, што ўпэўнены: эміграцыя — гэта часова і вы абавязкова вернецеся...

— Так, я працую на тое, каб было што рабіць, калі я вярнуся. У мяне няма сумневаў, што я вярнуся. Зразумела, што не пры гэтай уладзе, бо мне патрэбная поўная свабода.