Вось толькі ў кіраўніцтва не было палітычнай волі, а галоўнае – усьведамленьня Беларусі як незалежнай дзяржавы і разуменьня неабходнасьці дэмакратычных рэформаў.
Пасля 1991-га Беларусь двойчы мела рэальныя шанцы абраць іншы шлях
Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра тое, як і калі наша краіна магла кардынальна змяніць свой лёс да лепшага.
– Жыцьцё побач з імпэрыяй – геапалітычная канстанта апошніх некалькіх стагодзьдзяў, – піша Навумчык. – Пры гэтым імпэрыя практычна ўвесь час мела і мае дзьве істотныя адметнасьці: а) яна не пагаджаецца з існаваньнем Беларусі як незалежнай дзяржавы, б) яна мае агрэсіўны характар.
Гісторыя паказвае, што шанец Беларусь мела толькі тады, калі Расейская імпэрыя аслабленая. Прыклады – 1917-18 гада і канец 80-пачатак 90-х гадоў.
Апошні пэрыяд (пачатак 90-х) дазволіў нацыянальна-дэмакратычным сілам дамагчыся Незалежнасьці Беларусі. Гэта лёсавызначальная для нацыі падзея.
Фактычна, у нацыянальных сілаў было толькі некалькі дзён (22-27 жніўня 1991), калі Масква абсалютна ня ўмешвалася ў падзеі. І яны былі скарыстаныя.
Але ўжо 28 жніўня Ельцын выказаў незадаволенасьць абвяшчэньнем незалежнасьці Ўкраіны і Беларусі (адначасна прызнаючы незалежнасьць Літвы, Латвіі і Эстоніі) і прыгразіў савецкім рэспублікам.
Масква адразу пачала ціснуць Беларусь – і фінансавымі спосабамі, і паліўным шантажом, і трыманьнем у арбіце вайсковых інтарэсаў.
Але была адна істотная адметнасьць: у дачыненьні да Беларусі (як і да Ўкраіны) Ельцын не прымяняў вайсковую сілу. І пэрспэктыва дэмакратычнага і незалежнага разьвіцьця залежала ад палітычнай волі кіроўнай эліты і падтрымкі дэмакратычных нацыянальных сілаў.
Палітычнай волі кіраўніцтва (Кебіч, Шушкевіч, Вярхоўны Савет, урад) было дастаткова для дэмакратычнага рэфармаваньня і ўмацаваньня Незалежнасьці – можна было прыняць ўсе неабходныя для гэтага законы і распраджэньні ўраду. Тым болей, такія законапраекты былі падрыхтаваныя ў 1990-94 гг Апазыцыяй Вярхоўнага Савета. Але прынята была толькі невялікая частка.
У такой сытуацыі натуральнай выглядалі неабходнасьць зьмены кіраўніцтва і прыход да ўлады тых сілаў, якія разуменьне вышэйназванага маюць.
Але зрабіць гэта можна было толькі пры падтрымцы народа, большай яго часткі.
І вось гэтага не было. Васіль Быкаў абсалютна правільна сказаў, што насельніцтва яшчэ не было гатовае даць посьпех нацыянальнай дэмакратыі. 200 гадоў акупацыі не маглі прайсьці бясьследна, нацыянальная сьвядомасьць істотна адставалав ад таго,што было ў Польшчы. Літве, Латвіі, ці ва Ўкраіне.
І ўсё ж, ці былі шанцы? Былі. Першы – выбары новага парлямэнта пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці ў 91-м.
Калі Вярхоўны Савет на гэта не пайшоў, БНФ выступіў з ініцыятывай рэфэрэндуму пра датэрміновыя выбары, сабраў больш як 400 тысяч подпісаў.
Калі б рэфэрэндум прайшоў вясной ці летам 1992, была б новая ўлада. Але Кебіч выступіў супраць, супраць быў і Шушкевіч, ён паўгады адмаўляўся склікаць сэсію, каб прызначыць рэфэрэндум.
Пытаньне разглядалася ВС толькі ў канцы касттрычніка – і за 10 месяцаў сытуацыя ў грамадзтве кардынальна зьмянілася. Беларусь увайшла ў глыбокі эканамічны крызіс, людзі былі вымушаныя клапаціцца пра элемэнтарнае фізычнае выжываньне, палітычная актыўнасьць – у параўнаньні, што было год раней – зьменшылася амаль да нуля.
Нягледзячы на заклікі БНФ прыйсьці на Плошчу і падтрымаць патрабаваньне аб новых выбарах – прыйшло каля тысячы чалавек. Гэтым і скарысталіся Шушкевіч і Кебіч: большасьць дэпутатаў адмовіліся прызначаць рэфэрэндум.
Другі шанец быў у лютым 1994, калі прымалася Канстытуцыя. Менавіта тады, нягледзячы на супраціў дэпутатаў БНФ, было ўведзенае прэзыдэнцтва і Беларусь перастала быць парлямэнцкай рэспублікай.
Я лічу гэтую падзею ня менш важнай, чым самі выбары 1994, бо яна перадвызначыла ўсё наступнае. Не было б уведзена прэзыдэнцтва – не было б і Лукашэнкі-прэзыдэнта.
Віна за ўвядзеньне прэзыдэнцтва (без якога Беларусь магла існаваць хаця б пяць-шэсьць гадоў, да прыходу Пуціна, давяршыць фармаваньне грамадзянскай супольнасьці, шматпартыйнасьць і ўмацаваць Незалежнасьць) – падзяляюць паміж сабой тыя, хто праігнараваў папярэджаньні, што прэзыдэнцтва непазьбежна прывядзе да дыктатуры. Гэта – каманда Кебіча і «маладыя ваўкі» на чале з Лукашэнкам.
Цяпер мне відавочна, што на выбарах 1994 перамагчы мог толькі Лукашэнка – бо большая частка насельніцтва была настроеная прарасейскі, расчараваная ў дэмакратыі (якой, па-сапраўднаму, і ня ведала) і была гатовая ўспрыняць папулісцкія лозунгі.
Прэзыдэнцтва, падкрэсьліваю, уводзіць было нельга.
У гэтым кантэксьце падзеі 1995 году – найперш, так званы рэфэрэндум – гэта ўжо з аднаго боку, замацаваньне аўтарытарных тэндэнцый, а з другога – забясьпячэньне падмурку для дыктатуры. Нагадаю, што пытаньне пра права прэзыдэнта распускаць парлямэнт (што Лукашэнка зробіць у 96-м) было вынесенае менавіта на рэфэрэндум 1995 году.
Рэфэрэндум 1995 быў незаконным і антыканстытуцыйным. Парадаксальным чынам, Лукашэнка сам стварыў найбольш моцны аргумэнт супраць легітымнасьці рэфэрэндуму, загадаўшы зьбіць дэпутатаў парлямэнта ў працэсе прызначэньня рэфэрэндуму. Гэта дае права будучай дэмакратычнай уладзе скасаваць ягоныя вынікі адным указам ці адной пастановай.
Але сам рэфэрэндум – асабліва што тычыцца лёсу Беларускай мовы – мае трагічныя наступствы для нацыі, якія – нават калі б сёньня ўлада ў Менску радыкальна памянялася на дэмакратычную і нацыянальна арыентаваную – будуць адчувацца яшчэ многія дзесяцігодзьдзі. А магчыма, і стагодзьдзі.
А сёньня дзеці і ўнукі тых, хто аддаў перавагу «чарцы і шкварцы», расплачваюцца за той выбар турэмным зьняволеньнем, жыцьцём пры дыктатуры і вымушанай эміграцыяй.
Читайте еще
Избранное